Велапаход па Эстоніі

Автор: Archelka

Это отчет к маршруту: Болота Эстонии ( Пярну - Таллин )

04 июня 2019 в 21:34

У мяне ніколі не было думкі паехаць пакатацца па Эстоніі. Увогуле, не думала, што эстонская прырода нечым адрозніваецца ад нашай (акрамя выхаду да мора, канешне). Але цікаўнасць да любых падарожжаў падштурхнула мяне згадзіцца на прапанову Максіма не задумваючыся. А апісанне амаль бязлюднай дзікай прыроды і шматлікіх балотаў дадало жадання.

Як заўсёды, Максім зрабіў вялікую працу па распрацоўцы маршруту і пошуку інфармацыі. Дарэчы, даведаліся, што ў Эстоніі жывуць да 600 мядзведзяў. Не тое, каб з'явіліся сумненні, але нейкая боязь была. Калі збіралі рэчы, Максім даў свой міліцэйскі свісток, з якім ездзіў па Кольскім паўвостраве. З ім у прырулявой кішэні стала спакайней =)

Збіраліся пакрысе на працягу некалькіх тыдняў: то ровар праверыць, то наяўнасць астатніх рэчаў. За некалькі тыдняў да паездкі прыехалі мае кантакты. Крыху хвалявалася, але па горадзе і на ПГ, дзе паспела іх пратэсціць, яны (і я разам з імі) праявілі сябе добра. Ехаць стала прасцей, вышпільвацца паспявала своечасова - ніводнага падзення.

Такім чынам, у момант ад'езду мы адчувалі сябе падрыхтаванымі, хоць нейк не верылася яшчэ, што мы едзем на цэлы тыдзень. Праца не адпускала мяне да апошніх гадзін ад'езду, нягледзячы на мае афіцыйныя выходныя. Таму ўвесь час было адчуванне, што нешта забылася ці недарабіла.

Гэта мой першы працяглы велапаход.

 

5 траўня, нядзеля

А 4-й раніцы - яшчэ стоячы на мяжы Беларусі з Літвой - зразумелі, што аўтобус спазняецца. Гэта нічога, калі б мы ў той жа час не ўсвядомілі, што ў Рызе нам трэба будзе перасесці на іншы аўтобус, а на перасадку даецца ўсяго 15 хвілін. Зразумела, што спазняючыся на дзве гадзіны, на пересадачны аўтобус мы не паспяваем.

Для спазнення былі свае прычыны. Турысты занялі нашу платформу, таму аўтобус пачаў запускаць пасажыраў на 10 хвілін пазней, чым павінен быў адбыць. Увесь гэты час мы стаялі і хваляваліся, ці возьмуць нашы ровары. На сайце перавозчыка пісалі, што возьмуць, калі будзе месца ў багажным аддзеле. Ды кіроўца ставіў багажныя сумкі шчыльненька, і месца нашым роварам ўсё ж такі засталося, нягледзячы на запоўненасць аўтобуса.

І вось, мы ў Ліцве, але даехать трэба да Эстоніі. Пачалі ўжо думаць над рознымі варыянтамі трансферу з Рыгі на трэк. І ў рэшце, спыталі ў кіроўцы. Ён запэўніў нас, што ў Рызе ўсіх перасадчнікаў рассадзяць па іншых аўтобусах і ўсе даедуць куды трэба. Са спакойнай душой я адключылася да канцавой. А там Максім хуценька перааформіў квіткі, і нас, на шчасце, накіравалі ў бліжэйшы аўтобус напрамкам на Талін. Усё атрымалася!

Такім чынам, у 11:30 мы ўжо былі ў Пярну. Пазней, чым планавалі, але не так позна, каб перашкодзіць нашым планам. А па планах трэба было яшчэ паснедаць (у нашым выпадку ўжо паабедаць) і дакупіць ежы па раскладзе на бліжэйшыя тры дні.

Некаторы час яшчэ круціліся па цэнтру Пярну ў пошуках падыходзячага места. Пакуль неспадзявана не натрапілі на піцарэстарацыю “Стэфані”. Прывабны знешні выгляд і прыгажосць мясцін наўкол пераканалі нас спыніцца менавіта тут. Рэстарацыя, напэўна, сярэдняй цанавой катэгорыі, але порцыі вялікія ды смачныя. Частку піцы нават прыйшлося забраць з сабой (дарэчы, яна была не звычайная ў параўнанні з прадукцыяй нашых піцэрый, а бліжэй да хатняга варыянта піцы).

Пасля піцэрыі і крамы праехаліся па горадзе, паглядзелі на прыгожую архітэктуру і іншыя цікавосткі. Больш за ўсё мяне ўразіў будынак школы пачатку 20-га стагоддзя.

 Сам горад вельмі акуратны, прыемны.

Заехалі паглядзець на мора, а вада ў ім цёплая. Але ж купацца няма часу, трэба ехаць далей. Для мяне нязвыклым было бачыць мора з трысцем і травамі. Дагэтуль ужывую бачыла толькі паўднёвыя пясчаныя і скалістыя берагі.

Далей трэк павёў нас па веласцежцы і раптам завярнуў кудысьці праз лясок, міма спаленай хаты і зачыненага шлагбаума. А калі мы выехалі на адкрытыя мясціны, то ўбачылі пляцоўку гольфклуба з маляўнічымі відамі: узгорачкі і ручаіны, зялёныя астраўкі на цёмна-сіняй пад сонцам вадзе.

Ускраек горада падобны на прыватную забудову з амерыканскіх фільмаў. Архітэктура такая простая і мінімалістычная, але цікавая і прывабная, зусім не падобна на нашы дамы. 

А далей – амаль 50 км праз лясы.

Лясы падобныя на нашы і не менш прывабныя: маладзенькія бярозкі і букі, паважные елкі і сосны, магутныя дубы. Толькі дарогі амаль усе гравійныя, шырокія. Уздоўж дарог паўсюль пракапаны каналы. Здаецца, што нядаўна. Масты металічна-драўляныя, моцныя.

Дарэчы, сёння пачалі адлік сустрэчным жывёлінам: убачылі касулю зусім недалёка. Яна адбегла ад нас на некалькі крокаў і спынілася, але я на радасцях не здолела вышпіліцца з педаляў і сваім грохатам спужала яе =) А недзе на балотах мяне насцярожыла жалобнае галашэнне птушак.

Людзей сустракалася мала, машын увогуле не было. Але неўзабаве пасярод лесу адкрываліся паляны з хутарамі. Асабліва нечакана было ўбачыць двухпавярховы цагляны дом на некалькі сем’яў і аніякай інфраструктуры наўкол. Дакладна так і не зразумелі, што яны там робяць.

Але не ўвесь шлях праходзіў па прыемных дарогах. Недзе прыйшлося і пахадзіць. Два разы вярталіся і аб’язджалі, бо праходу не было (альбо заняло б нашмат больш часу). 

Апошнія 20 км даліся мне цяжкавата праз тое, што дарогі і наваколле амаль не мяняюцца. Здавалася, час ідзе значна хутчэй за адлік кіламетраў.

На гэтым апошнім адрэзку заехалі зірнуць, як выглядаюць эстонскія бівакі. Выглядаюць файна: прыбіральня, у якой вельмі чыста і ёсць новыя рулоны туалетнай паперы, закуток для дроваў, стол з лаўкамі і месца для вогнішча і грыля. Усё для прыемнай стаянкі. Гэты бівак яшчэ і размешчаны на востраве паміж двума рукавамі ракі.

Наша стаянка аказалася не горшая. Толькі што да вады Максіму прыйшлося бегаць далекавата.

У паходзе ўдвух ёсць шмат сваіх плюсаў. Адзін з іх – хуткае гатаванне ежы. Прыехалі мы каля 8-й гадзіны вечара. Нетаропка расклаліся, павячэралі. А у 22:00 ужо збіраемся спаць, хоць неба яшчэ светлае. Шчабечуць птушкі на розныя галасы, патрэсквае дагараючы вогнішча.

Пройдзеная адлегласць: 67,6 км

 

6 траўня, панядзелак

Прачнуліся па будзільніку, а 6-й. Уночы крыху падмарозіла: на намёце і роварах ляжаў іней, а ў кубачку змерзлі рэшткі гарбаты. Зранку птушак аказалася больш. Відаць, яшчэ з сонцам абудзіліся тыя, што маўчалі ўвечары.

Шлях пачынаўся па той жа дарозе, па якой мы і прыехалі. Але зараз яна не здавалася такой нуднай. Увесь час здзіўлялася, наколькі тут акуратна і чыста.

Неспадзявана выехалі на асфальт, а праз некаторы час трапілі на абжыты будынак з гаспадаркай і дзіцячай пляцоўкай. Выглядае як прыдарожная гасцёўня. Там жа стаялі шыльды з апісаннем невялікага маршрута працягам каля кіламетра.

Павітаўшыся са смешным сабакам, завярнулі на маршрут паглядзець на мясцовыя цікавосткі. Першым, але незапланаваным пунктам убачылі маленечкую экасцежку з мядзвежымі слядамі і глінянымі фігуркамі на дрэвах.

Напэўна, самым цікавым аказалася фермерская хата. Побач з ёй раскінуўся вялізны дуб, а пад ім засталіся ўмацаваныя берагі з-пад маста. Маляўнічае месца.

Далей па маршруце стаялі шыльдачкі з назвамі і апісаннем дрэў. Часам да іх дадаваліся цікавыя факты. Але надпісы былі толькі на эстонскай і англійскай мовах.

Калі мы вярнуліся на трэк крыху далей ад месца, дзе пакінулі яго, дарогу я не пазнала. Асфальт пераапрануўся ў гравійку, хаця дарога ішла тая ж. І, вось дзіва, машын на ней раптоўна не аказалася, хаця на асфальце здавалася, што трафік тут ёсць, хоць і невысокі.

Наступнай цікавосткай быў панарамны пункт з вышкай. Не зусім зразумелі, на што ў тым месцы глядзець. Магчыма, ў пэўны час адтуль можна ўбачыць жывёлін або птушак.

Там жа мы ўбачылі першы указальнік з цікавымі фактамі пра Эстонію. Усяго іх, відаць, 100. Яны стаяць на працягу розных афіцыйных маршрутаў і выяўляюць інфармацыю з гісторыі, культуры і прыроды Эстоніі. Напрыклад, у гэтым месцы быў канцэнтрацыйны лагер падчас вайны.

Дарэчы, наконт маршрута: большая частка нашага шляху праходзіла амаль дакладна па 400-кіламетровым афіцыйным маршруце. Накіраваны з большага на роварны рух. Але часам прыходзілася спешвацца.

Далей спыніліся каля прыроднага музею. Лагатып на будынку выклікаў асацыацыі з Ельняй.

Там жа знайшлі, дзе набраць вады, прыбіральню і дзіўнага бабра, выразанага з бервяна.

У сам музей вырашылі не ісці, але на экасцежку зазірнулі, хоць і не запланавана. І не пашкадавалі. Сцежка вучэбная, накіравана больш на дзяцей: сустракаюцца шыльдачкі з назвамі звычайных дрэў і раслін накшталт бярозы, елі, альхі, чарніц. Але мясціны прывабныя, пашпацыраваць і даросламу прыемна. Дзяцей, дарэчы, сустрэлі дзве групы. Апошняя хорам з намі павіталася і мы вывучылі слова “тэрэ” =)

Сама сцяжына была з розным пакрыццём: ад грунтаванага з пачатку, да драўлянага насцілу рознай шырыні. Ехаць па такому, часам, было небяспечна і страшна.

На некаторых дрэвах налеплены меткі узроўню ракі ў яе найбольш паўнаводныя часы. Самы высокі быў ў красавіку 2010 г.

Яшчэ на адну экасцежку зазірнулі далей па трэку. Яна адлічылася бураломамі і лесвіцамі на дашчатым насціле. Выглядала старэйшай і менш дагледжанай, але ад таго і цікавейшай. Старыя елкі, вялізныя ствалы паваленых дрэваў, драўляная вышка, дзе мы спыніліся на абед.

Сама дарога была ўжо не такой сумнай і аднастайнай. Ручаінамі віляла праз лясы, вёскі і балоты. Пакрыццё цвердае, накацістае – прыемна ехаць. У адным месцы, праўда, кола ровара саслізнула з калеі, і я папоўніла колькасць падзенняў на паход =)

Апошняя незапланаваная экасцежка на гэты дзень была каля музея-сядзібы эстонскага кампазітара Марта Саара. Адной з адметнасцяў гэтай сядзібы з'яўляецца традыцыя садзіць дубы, якую пачаў сам кампазітар, пасля працягнула яго дачка і іншыя людзі.

Сама сцяжына вядзе 3 кіламетры праз балота і выводзіць праз лес колам да сядзібы. Тут я ўпершыню ўбачыла, як сцежкі пакрываюць апілкамі.

Але на балоце апілкі смяніліся чатырма дошкамі. Ехаць па іх было файна, па баках пачалі з’яўляцца невялічкія балотная азёры.

У адным з іх хацелі пакупацца, бо нам стала ўжо досыць спякотна. Але сонца не прагрэла возера, вада ў ім аказалася халаднейшая за марскую. Амаль ледзяная. Нас хапіла толькі на тое, каб закінуць туды ногі і крыху абмыцца.

Дарэчы, купацца там можна. Нават лесвіцы на пляцоўках стаяць для пад’ёма з вады.

Далей level-up – і замест чатырох дошак застаецца тры. Прыходзіцца балансаваць на іх. У найбольш небяспечных месцах (на паваротах) адшпільваліся і топалі пешкі.

У лесе, амаль на выездзе, я не разлічыла ўхіл і не заўважыла ўтаптаныя бярвенні. Там і прылегла трэці раз за два дні і (спойлер) апошні за паход.

Па шляху часта трапляліся месцы для адпачынку. Яны прывязваліся да розных мясцін, звязаных з мясцовай культурай ці гісторыяй. Вось, напрыклад, старажытны вясковы будынак.

Але найлепшым месцам нам падаўся домік лясніка, які зараз з’яўляецца турыстычным цэнтрам, дзе можна застацца на ноч пад дахам, запаліць печ, прыгатаваць ежы і заваліцца ў спальніках на лежакі. Побач цячэ ручай, упадаючы ў больш буйную раку. За ручаем ідзе яшчэ адна экасцежка, але мы на яе ўжо не пайшлі.

Па дарогах і цікавых сцяжынах выехалі да яшчэ аднаго музею. Відаць, сядзібнага комплексу у мінулым. Зараз у яго ўваходзіла непасрэдна сядзіба, стайні з бруднымі, але сяброўскімі конямі, кавярня, якая зачынілася за паўгадзіны да нашага прыезду, алея ды стары водны млын з высокім мастом праз шырокую раку. З маста я заўважыла плот, на якім, відаць, арганізуюць сплавы па рацэ. А па-за гэтым комплексам цывілізацыя: металічны мост, асфальтаваная дарога.

Апошнія кіламетраў 20, праўда, зноў аказаліся нуднымі, але перанасычанасць астатняй часткі шляху зрабіла гэты дзень адным з самых цікавых за весь паход. Праехаліся на 10 км больш запланаванага, але ўсё паспелі і амаль не стаміліся. Убачылі і такую прыгажосць: нібы вярнуліся на Віцебшчыну.

Апошняй прыемнасцю была стаянка побач з балотам Мукры, праз якое мы павінны былі заўтра ісці далей. Гэтым разам вада была зусім побач, але побач аказалася і дарога. Пакуль гатавалі вячэру, да нас з балота выйшаў мясцовы дзядуля з фотаапаратам. Ён распавёў нам, што жыве ў вёсцы па іншым баку ад балота, любіць тут хадзіць увечары ці ранкам. Асабліва, калі мала людзей. Нас, здаецца, ён не чакаў тут убачыць.

Павячэраўшы, пайшлі таксама шпацыраваць па балоце на захадзе. Аранжавае святло залівала маленькія сосны. І ўвесь выгляд нагадваў афрыканскія саваны. З вышкі адкрываўся прыгожы далягляд і незвычайны ракурс на сцежку праз балота.

Пройдзеная адлегласць: 97,0 км

 

7 траўня, аўторак

Ноч была цёплай, але ранак халодны. Пахмурна і шэра. Падняліся пазней запланаванага, бліжэй да 7-й гадзіны. Паехалі толькі ў пачатку 10-й.

Наш маршрут праходзіў па тым жа балоце Мукры, дзе мы ўчора назіралі сонца на захадзе. Гэтым разам задача была ўжо цяжэйшая: рухацца прыйшлося па двух дошках. Ехаць не рызыкавала. Ізноў. Другі раз забраліся на вышку, павывучалі сцяжынкі і вялікае возера, якое яны агібаюць, пляцоўкі з дошкі і лесвіцы-купальні, імшыстыя каналы. І паехалі далей.

Трансфер першую частку быў не сказаць каб надта цікавы, але хуткі. Сонца выглядвала праз аблокі. Недзе пад вёскай заўважылі зайца: прыгожы, шэра-карычневы, з чорнымі кончыкамі вушак. Максім хвілін 5 спрабаваў злавіць яго на свой фотаздымач.

Неўзабаве дабраліся да буйнай вёскі з крамай. Акуратные домікі і газончыкі, буслы на слупах, старыя касцёлы. Падобна як у нас, але ж не тое адчуванне. Нейк больш па-еўрапейску. У краме прыхапілі марозіва, мясцовы ласунак – марцыпан у глазуры і папіць салодкага.

Далей пачаўся доўгі, але ўжо цікавейшы трансфер па ўзгорачках і звілістых дарогах. Часам праз лясы, часам палямі і вёскамі. Чысценька, дагледжана.

Раптам убачылі птушак, што пераходзяць дарогу наперадзе. Прыглядзеліся: а гэта жураўлі ідуць сваёй жураўлінай хадою, шумяць. Спакойна перайшлі дарогу і пашпацыравалі сабе па полі. Мы пасля ўжо заўважылі, што наперадзе ішло іх птушаня.

Сустракаліся на шляху і мясцовыя славутасці: цэрквы канца 19 ст., былая вежа з камянём прагнозу, падмуркі сядзіб з печчу.

Месца каля наступнага балота мне нагадала карпацкія схілы недзе ўнізе: лугавіны, невялікая хатка, прыгожы конь і махнатыя авечкі ды козы. 

Праз іх у Максіма быў пабудаваны маршрут наўпрост праз лес, але прайсці там з нагружанымі роварамі не здавалася магчымым (прынамсі, мне). Таму паехалі па дарогах далей. Дарога, дарэчы, была вельмі прыгожая, нагадвала асенні лес у гарах. Мы ўехалі ў Нацыянальны парк Паункюла.

Не заўважылі нейкую пешаходную сцежку, якая б правяла нас да балота цікавейшым шляхам – скрозь азёры. Праз гэта завярнулі на другую, заваленую бураломамі і завешаную галінамі, нібы фіранкамі, дарогу, якая аказалася тупіковай і скончылася каля аднаго з тых азёраў.

Яшчэ некалькі паваротаў – і вось мы, нарэшце, выехалі да экасцежкі: спачатку па сасновых карчах, а пасля па дзвюх дошках. Напрамкі я нават рызыкнула праехацца.

Сонца прыгожа асвятляла балота і лясок, невялічкія кроплі сініх азёраў і стужкі каналаў, паросшыя яркім зялёным імхом.

У чорнай вадзе загадкава адлюстроўваюцца зграбныя бярозкі і таямнічыя хвоі, забалочаныя берагі даюць прастору фантазіі.

Там жа ўпершыню сутыкнулася з зацягваннем ровара крута па схіле ўверх. Узгоркі ўпрыгожваліся нібы раскіданымі па іх сінімі, белымі і жоўтымі кветкамі. А дарога ўніз па сасновых каранях не давала расслабіцца. Прынамсі, я не рызыкавала ехаць увесь шлях і большую частку гэтай сцежцы, аплеценай каранямі, ішла пешшу.

І вось, хутка мы будзем ля запланаванага месца стаянкі. Засталося праехаць уздоўж вялікага вадасховішча Паункюла. Не такого вялікага, як Мінскае мора, канешне, але ўсё ж… Ды толькі каля возера нас чакаў сюрпрыз: наўпрост, як па трэку, дарога перакрыта – агароджа і зачыненыя вароты. Аб’язджаць па асфальтаванай дарозе – занадта доўга і сумна. Вырашылі аб’ехаць яго з іншага боку, па перыметру: праз дамбу і далей уздоўж берага.

Гэта было добрым рашэннем. Блакітная сінь вады зіхацела пад сонцам. На кантрасце жаўцеў чарот. Прыгожа зелянелі дрэвы. На беразе невялічкага вострава ўбачылі цікавых качак, якіх Максім назваў эстонскімі пінгвінамі. Яны сядзелі гуртом і занялі ўсё дрэва, заваленае ў ваду. Ужо пазней даведаліся, што гэта чарада бакланаў.

Але стаянка расчаравала. Месца там, канечне, шмат - на вялізны лагер. Але ж занадта шмат. Ды яшчэ і каля шашы, праз якую толькі і можна было дайсці да вады – таго самага вадасховішча. Я ніяк не магла ўтаймавацца, і арганізатар дазволіў праехацца пашукаць іншае месца, ведаючы, што паблізу такога няма. “Толькі ненадоўга”, – было пажаданне на дарогу. Праехалася – насамрэч нічога. Ужо сцярпелася з думкай, што застаемся тут, нават дровы прыцягнула, пакуль Максім раскладаў намёт. І тут паступіла прапанова праехаць па трэку яшчэ кіламетраў 9 да наступнай стаянкі, адзначанай на мапе. Месца сярод лесу, ля ракі. Павінна быць больш утульным і прыемным.

Раздумвалі нядоўга. Занесла дровы назад пад дах. Сабралі рэчы і паехалі. За папярэднія 90 км. стомы не адчувалася. Час таксама дазваляў яшчэ рухацца. Грунтовая дарога віляла і то ўздымалася, то апускалася. Навокал: сасновы лес, возера, балота. Ці трэба казаць, што дзякуючы прыгожым відам і цікавым размовам кіламетры праляцелі незаўважна.

Стаянка аказалася насамрэч больш утульнай: сярод зеляніны і соснаў, сярод шчабятання птушак. Толькі што без прыгожага заходу сонца, бо дрэвы перашкаджаюць яго назіраць. Алё ён сапраўды прыгожы.

У выніку, план ізноў перавыкананы: 100 км замест 90 запланаваных.

Пры тым прыехалі мы толькі крыху пазней за 8-ю гадзіну вечара, павольна расклаліся, пераапрануліся і прыгатавалі ежу. Сярод дроваў знайшлі прыгожыя спілы вольхі (адабрала сабе дзве штукі ў якасці сувеніраў). Прыемна пасядзелі ля вогнішча, пакуль не сцямнела.

Пройдзеная адлегласць: 102,3 км

 

8 траўня, серада

Гэты дзень, па планах Максіма, павінен быў быць самым цяжкім і насычаным прыгажосцю.

Першае, куды мы трапілі, выехаўшы са стаянкі - ізноў балота - Какердайя. Нібыта яшчэ прыгажэйшае за папярэднія.

Я першую палову шляху па сцежцы спрабавала злавіць птушак у аб'ектыў, бо ехаць па дзвюх дошках яшчэ баялася.

Пасля ўзняўся вецер, па азёрах пайшлі хвалі.

Убачылі наперадзе людзей. Пад'ехаўшы бліжэй, зразумелі, што гэта рабочыя замяняюць старыя дошкі сцяжыны на новыя. Прыкінулі, якая ж гэта нялёгкая праца - дацягнуць новыя дошкі і шпалы да гэтай часткі балота.

Калі выбраліся на сушу, пайшлі ізноў лясы, ручаіны, узгорачкі.

Дарэчы, узгорачкі сталі вышэй. Колькасць іх таксама ўзрасла у параўнанні з папрэднімі днямі. Едзем на поўнач.

Былі і прыгожыя пляжы, і верасовыя пусткі...

... і нават снег.

Але больш за ўсё, канечне, у гэты дзень было балотаў.

Знайшлі лакацыю з сон-травою.

Бліжэй да абеду нашыя жывоцікі пачалі яўна намякаць, што трэба есці. Але прыём ежы ў нас запланаваны быў у краме ў горадзе Аэгвійду, да якога яшчэ трэба дабрацца. Закінуліся тым, што засталося з мінулых абедаў і сняданка: хлебцамі, часткай печыва - і паехалі.

На месцы мы ўжо не надта выбіралі, а бралі ўсё, што траплялася пад руку :)

Рэшта шляху, здавалася, была яшчэ больш насычанай, чым першая палова. Але ж самым працяглым і прыгожым месцам ізноў аказаліся балоты і пейзажы наўкол іх. Гэта месцовасць Койт'ярве запаведніка Пыхья-Кырвемаа.

Частку шляху мы ехалі па хрыбце паміж двума азёрамі ўнізе. Складана перадаць гэта праз фотаапарат ці камеру (асабліва скрозь дрэвы), але ад уражанняў захоплівала дух.

Да гэтага моманту я ўжо паспела стаміцца. Значную частку прабіраліся пешкі. Хаця Максім без мяне б, напэўна, хутчэй гэта ўсё праехаў. Я яшчэ не навучылася трымаць сябе на карчах, хаця старалася браць большую частку пад'ёмаў.

Але ж усё гэта не дазволіла сумаваць. І далягляд з вышкі на ўзгорку быў прыемным бонусам.

Праехаць тыя 70 км, што заставаліся на сённяшні дзень, да змяркання мы, відавочна, не паспявалі. Але ж перадапошнім (і вельмі прыемным пунктам) была самая першая ў Эстоніі афіцыйная экасцежка па балоце Суур-Соо. Яна не вельмі доўгая, але досыць папсовая. Відаць, людзям да яе не цяжка дабірацца, Мы сустрэлі на ёй дзве кампаніі і дзяўчыну са здымачом.

Сцежка сустракала апісаннем і доўгім, шырокім і прамым насцілам.

Такая карціна працягвалася да вышкі, але за ёй мы ўжо ўбачылі звыклыя для нас дзве дошчачкі.

Пакуль даехалі да апошняга на гэты дзень балота Віру, надвор'е крыху змянілася. Аблокаў павялічылася, сонца не з'яўлалася даўжэй, вецер адчуваўся больш. Знешне гэта балота не надта адрознівалася ад папярэдніх. Магчыма як і ўсе астатнія =) Але ж кожнае ўспрымалася па-свойму.

Зусім перад стаянкай убачылі сляды воўка, якія паварочвалі на тыя ж дарогі, што і мы. А недзе ў лесе пачулася нібы мыканне каровы. Але што карове рабіць у лесе?

Стаянка аказалася ў прыемным месцы: на беразе возера, уздоўж якога сонца размалявала дрэвы рудова-аранжавымі колерамі. Квакалі жабы, як заўсёды спявалі птушкі - яны ў мяне кожны дзень вызывалі замілаванне. 

Вогнішча не распальвалі (адзіны раз за ўвесь паход), бо прыехалі позна - пасля 9-й. Хацелася хутчэй павячэраць і заваліцца адпачываць.

Дзень насамрэч аказаўся нялёгкім і вельмі насычаным. Кіламетраж за сёння невялічкі, але ж значна папоўніўся багаж уражанняў.

Пройдзеная адлегласць: 65,2 км

 

9 траўня, чацвер

Ночы з кожным днём становяцца цяплейшыя. Зранку ізноў абышліся без вогнішча. 

Са старту трапілі на экасцежку як працяг агульнага маршруту. Часам сцяжына вяла вельмі небяспечна для ровара: па карчах на стромкім схіле, нібыта ў гарах. Максім спыняўся ў гэтых месцах: пэўна, хутчэй дзеля мяне, чым дзеля сябе. Але ж рухацца па сцежцы было прыемна.

Былі і перашкоды ў якасці такіх стромкіх спускаў і пад'ёмаў.

Неўзабаве выехалі да бурлівай ракі колеру Колы. Месца маляўнічае, рака працякае ў каньёне, а навокал: кветачкі, хвоі і мхі. Дарэчы, паўночна-эстонскія рэкі ўсе даволі бурныя, як горныя. Ды і рэльеф тут хоць з невялікімі перападамі, але ж заўважнымі, у параўнанні з паўднёвай часткай краіны.

На мост і праз раку, а там ізноў узбірацца наверх. Крыху асфальта, дзе сустрэлі адзінокую пешую турыстку. Здаецца, яна накіроўвалася акурат да гэтай ракі.

Раптам маршрут завярнуў у лясок, праз які я пачула шум вады. Мы выехалі на адзін з найбуйнешых вадаспадаў Эстоніі вадаспад Васарысці на аднайменнай рацэ.

Наступнай славутасцю непадалёк была пакінутая гідраэлектрастанцыя. Вось у кіламетры ад яе мы і павінны былі ўчора спыніцца на начлег, але нават сёння агляд славутасцей па маршруце заняў больш за гадзіну.

А з процілеглага берагу ракі правялі шланг, каб можна было карыстацца чыстай крынічнай вадой.

Месца само па сабе прыгожае, але ГЭС дадае атмасферы. 

Перасякаем раку па драўляным аўтамабільным мосце і накіроўваемся далей на поўнач - да мора. На шляху спыніліся перакусіць каля нейкай археалагічный стаянкі, пра што даведаліся з запісаў, але правяраць не пайшлі.

Яшчэ адным незапланаваным цікавым пуктам аказаўся стогадовая прыватная крама ў вёсцы Выхма, якую трымае адна сям'я. Мы не маглі не зайсці. Марозіва, на жаль, у краме не аказалася. Гаспадар сказаў, што халодна яшчэ, не сезон. Узялі ліманад.

Радавалі шматлікія спускі ўніз, але хацелася хутчэй выехаць да мора - асноўнай цікавосткі гэтага дня. І вось ужо відаць запаветную сінь за сядзібамі. Агібаем пасёлак і выязджаем на паўвостраў, які пераразаюць пешаходныя і роварныя сцежкі. Адзін раз завярнулі на мора, але вырашылі, што лепей праехаць далей. І насамрэч: праз лясы, пескі і ветранае возера, мы, нарэшце, выехалі да камяністага берагу з ружовым пляжам.

Там крыху завіслі, памачылі ножкі і пайшлі далей - па сцежцы ўздоўж берага. Хацелася бы сказаць "паехалі", але ехаць там было амаль немагчыма. Сцяжына пешаходная, бураломы тут ніхто не разбіраў. А паваленых дрэваў аказалася шмат. Ды тое, на што мы глядзелі, каштавала гэтых перашкод.

Аднак да мыса вырашылі ўсё ж ехаць, а не ісці, таму неўзабаве павярнулі да дарогі. Шлях да яе аказаўся не надта просты, але ж прыгожы: бураломы, мхі, камяні.

Выехалі на мыс і адчулі паўночна-усходні вецер. Стаялі там нядоўга, хутка павярнулі назад і праз мясцовыя славутасці - вялізныя камяні - накіраваліся ў жылую частку пасёлка Кясму на абед.

Але ў мясцовую рэстарацыю зайсці не рызыкнулі. Вырашылі, што можа быць дарагавата, і накіраваліся ў суседні пасёлак Вызу, дзе кавярняў больш, значыць, больш і канкурэнцыя. Я ізноў разглядала прывабныя акуратныя домікі ў пастэльных танах.

6 кіламетраў да Вызу парадавалі сваёй хуткасцю: уздоўж берага пракладзена асфальтаваная веласцежка асобна ад шашы. Уздоўж веласцежкі стаяць лаўкі ў выглядзе чоўнаў. З разеткамі - вось дык цывілізацыя! Ёсць і панарамная пляцоўка з відам на мора.

Пасёлак Вызу здзівіў тым, што размешчаны проста сярод лесу. Сасняк, па якім мы ехалі, не скончыўся, а прарэдзіўся хатамі. Нагадаў мне піянерскі лагер, у якім у дзяцінстве любіла праводзіць лета.

У Вызу хоць і больш кавярняў ды рэстарацый, але ж адчыненай аказалася толькі адна, бо для турыстаў яшчэ не сезон. Выбар невялікі, але заказ прынеслі адразу. Суп густы, насычаны. Другое таксама простае і смачнае. Не пашкадавалі.

Далей маршрут вёў нас па асфальтаванай шашы супраць ветру. Пасля сытнага абеду ехаць было цяжкавата. Вецер таксама перашкаджаў. Дагэтуль я так і не навучылася яму супрацьстаяць. Але ж старалася не надта затрымлівацца і ехаць у тэмпе.

Паратункам было наведванне мыса чарговага паўвострава. Мы завярнулі на прыемную лясную дарогу і нават заўважылі вавёрачку.

На мысе сустрэлі велатурыстаў з Піцера: маладых і, здавалася, не вельмі вопытных рабят. Гэта былі адзіныя велатурысты на шляху. Дагэтуль сустракаліся толькі хлопцы адзіночкі, якія ганялі па карчкаватых ўзгорках.

Мыс падобны на папярэдні: маляўнічыя камяністыя берагі, халодны паўночна-усходні вецер, бярозкі і хвоі.

Піцерскія рабяты заставаліся на мысе, калі мы адтуль з'язджалі: нехта пракалоў кола.

А мы вярнуліся на асфальт. Мора то адкрывалася нам, то хавалася за дрэвамі і вясковымі дварамі. Пасля невялікай размінкі па лесе, ехаць далей стала значна прыемней.

Неўзабаве, у чарговай вёсцы трапілася на вочы шыльдачка з інфармацыяй пра тое, што тут і ў суседніх пасёлках знаходзіцца культурная і гістарычная спадчына: прыклады драўлянай народнай архітэктуры 19-20 стагоддзяў. Гэта звычайныя збудаванні, у частцы з якіх і дагэтуль жывуць людзі. Але некаторыя знарок прывезены і размешчаны тут - у вёсцы Алцья, на беразе мора.

Праз хаткі праходзіў і мясцовы маршрут, які вёў далей па прыгожым, але вельмі ветраным пясчаным беразе. Трапіў ён толькі на відэа, спасылка на якое будзе ўнізе. Я ехала з нацягнутым на шлем капюшонам, бо вецер быў надта моцны. Спыняцца дзеля здымкаў ужо не хацелася. Як там тыя крыклівыя чайкі і лагодныя качкі нічога сабе не паадмарожвалі?

Апошні невялічкі кавалачак шляху мы ехалі і думалі, ці будзе тут арганізавана стаянка або прыйдзецца стаяць, парушаючы правілы. Амаль увесь сённяшні маршрут праходзіць па тэрыторыі заказніка. Таму стаяць (і тым больш паліць вогнішча) на не арганізаваным для гэтага месцы забаронена. Я спадзявалася на афіцыйную стаянку хаця б дзеля таго, каб развесці вогнішча, бо за другую палову шляху на ветры падмерзла.

І вось мы едзем сярод дрымучага лесу. Настолькі цёмнага, што мне нават было страшнавата там проста спыняцца, не гаворачы пра начлег: а раптам на нас выйдзе мішка? Ды наперадзе ўжо бачны мост, за якім плануецца наш бівак. І з палёгкай заўважаю спачатку проста адкрытую паляну ля ракі, а пасля з радасцю ўсклікаю: "Ура, стаянка!"

Стаянка вялікая, на дзве-тры кампаніі. Але мы там, канешне, адны - як звычайна. Месца прыгожае, з невялічкімі парогамі ракі і актыўнымі птушкамі.

Прыехалі каля 8-й гадзіны вечара - стандартны наш час. Развялі вогнішча, а пакуль гатавалася вячэра, Максім паспрабаваў эстонскага піва з арэшкамі.

Думалі ставіць палатку, але вырашылі паспрабаваць паспаць пад спецыяльна зробленым для гэтага навесам. З трох бакоў абараняюць ад ветра яго сцены, з чацвёртага - вогнішча. Хутка расклаліся і ляглі адпачываць, падкінуўшы ў агонь вялізнае палена і на ўсякі выпадак накрыўшы спальнікі чахлом ад ровара. Былі ўсё ж сумненні, ці не змерзнем уночы.

Пройдзеная адлегласць: 72,9 км

 

10 траўня, пятніца

Палена ячшэ дагарала, калі мы прачнуліся зранку. Спаць было вельмі цёпла. Напэўна, гэта самая прыемная ноч за ўвесь паход. Нават пашкадавалі, што на папярэдняй стаянцы так не зрабілі. 

Надвор'е таксама відавочна цяплейшае. І вецер сціх. Але сонца не было.

Дарога на сённяшні дзень нядоўгая. Першую палову шляху мы павінны былі проста ехаць да прыроднага парку Війтна, а там па экасцежцы і далей сваім маршрутам на Тапу - пасёлак, каля якога планавалі заночыць, каб зранку сесці ў электрычку і з'ехаць у Талін.

Але неўзабаве дарога прывяла нас да турыстычнага комплексу, заснаванаму на месцы былога сядзібна-паркавага ансамбля (у Прыбалтыцы і бліжэйшай да яе частцы Расіі такія сядзібы называюцца "мыза") - мыза Выхула. Маляўнічае акуратнае месца для адпачынку турыстаў: са спа-салонамі, кавярнямі і сваімі цікавосткамі.

Але надоўга тут не затрымліваліся, паехалі далей. На выездзе (дакладней, першапачаткова гэта быў уезд у мызу) убычылі пабелены вятрак. Ён стаяў на пагорку і на фоне шэрага неба выглядаў масштабна і эфектна.

Паўсюль лёталі качкі, жураўлі, крычалі нейкія палявыя чайкі, чырыкалі іншыя птушкі. На лугах адпачывала ад пералёту чарада казарак.

Пад'ехалі да наступнай мызы - мызы Сагадзі. Тут вырашылі спыніцца і пашпацыраваць, бо па кіламетражу абед будзе хутка, а па часе яшчэ рана. Ды і дождж пачаў накрапваць. Схавалі ровары пад брамай і пайшлі разглядаць комплекс.

Злева ад брамы ўбачылі рэстарацыю з гатэлем. Але нам не сюды.

Справа размясціўся хостел і музей лесу. Вось гэта ўжо цікава.

Квіток каштаваў 4 еўра на два музеі: гэты і сядзібны. У музеі лесу спадабалася больш. На першым паверсе ёсць сувенірная крама з вырабамі hand-made і частка экспазіцыі, дзе паказана, як прымяняліся розныя пароды дрэваў у народнай гаспадарцы. На другім паверсе больш пра жывую прыроду. Шмат апісанняў пра жыццё дрэваў, раслін, і чучалы жывёлін. Шкада толькі, што напісана ўсё па-эстонску.

Там жа ўбачылі і тушаніну з мяса дзікіх жывёл.

Насупраць брамы будынак самой сядзібы. У сядзібе звычайны сядзібны музей, дзе паказаны інтэр'еры пакояў з часовай экспазіцыяй пра эка-турыстычную дзейнасць краіны.

За сядзібай дэндрапарк з сажалкай.

Пакуль мы бегалі ад будынка да будынка, дождж узмацніўся, але на момант ад'езду крыху сціх. Ехаць ва ўсякім разе трэба было.

Амаль ад самай стаянкі да месца абеду дарога ішла асфальтаваная. Хаця былі і лясныя дарогі.

Абедалі ў таверне Війтна - прыдарожнай кавярні з самаабслугоўваннем. Выбар быў таксама невялікі, але месца папулярнае, людзей сядзела шмат. Ды і ежа смачная. Хаця Максім усё роўна скарыстаўся момантам і ўзяў яшчэ зверху бургер у суседнім кіёску =)

Дальнейшы шлях праходзіў праз парк Війтна: спачатку па сасняку з азёрамі...

... а пасля і па балотах.

Сцежка вяла ўверх і ўніз па ўзгорках. І неспадзявана на нас выйшлі тры касулі. Я іх заўважыла, праўда, пазней, калі яны ўжо прабягалі міма.

Крыху паплуталі па балотных экасцежках, бо незаўважылі адгалінаванне ў бок Тапы. Аказалася, што тут ёсць таксама афіцыйны маршрут, які супадае з нашым. Толькі, відаць, распрацаваны зусім нядаўна, бо разметка паказана бела-чырвонай стужачкай.

Па сцяжынцы мы выйшлі да берага ціхай ракі Лообу.

А пасля пачалося самае непрыемнае. Ехаць па сцежках, якімі вёў маршрут, было немагчыма. Прыйшлося прабірацца скрозь алешнік, уздымацца і апускацца, віляць, як тая рака, паміж дрэваў, перакочваць ровар праз бураломы. Але з гэтым я мірылася. Цяжэй за ўсё даўся адрэзак па высечцы, дзе кожны крок трэба было перавальваць ровар праз дровы і пні, што ляжалі наўкол. Спачатку такім чынам мы падымаліся, а пасля быў доўгі (як мне падалося) шлях па хрыбце, з якога, канешне, акдкрываўся прыгожы далягляд на лясы, але атрымоўваць асалоду ад яго было нейк нязручна. Напэўна, гэта адзіны момант за ўвесь паход, калі мне захацелася па-жаночы псіхаваць. Асабліва калі пасля спакойнага кавалачка лесу ўбачыла, што маршрут вядзе ізноў на такі ж узгорак з дровамі, а тут ёсць дарога, якая, на жаль, не адлюстравана на мапе навігатара.

Перад наступным узгоркам у лес Максім мяне пашкадаваў. Мы выйшлі на асфальт і паехалі ў аб'езд па прасёлачных дарогах, бо невядома было колькі там пешага (для мяне) маршруту.

Апошнія кіламетраў 8 ехалі па прыемнай лясной дарозе, якая ішла па ўзгорку паміж балотамі. Настрой быў цудоўны, нягледзячы на сырасць і папярэднія цяжкасці. Не даязджаючы 2 кіламетры да горада каля ракі Валгейыгі ўбачылі месца для вогнішча з лаўкамі. Вырашылі тут і спыніцца. Часу было яшчэ шмат: я паспела памыцца ў рацэ, паскідваць з сябе кляшчоў, мы пасядзелі каля вогнішча і крыху пахадзілі па ваколіцах.

Часам з'яўляліся людзі: хто проста шпацыраваў, а хто рыбачыў. Вечар прайшоў спакойна, з невялікім сумам, што наша паездка заканчваецца.

Пройдзеная адлегласць: 51,9 км

 

11 траўня, субота

Ноч была цёплай, ранак туманны.

Паехалі без сняданку, каб трошкі больш паспаць і пры там паспець на ранішні цягнік.

Нейкі кіламетр да ўскрайку горада аказаўся вельмі маляўнічы. Часткова дзякуючы туману. 

Здаецца, усе павукі сплялі сваё павуцінне за адну гэту цёплую ноч.

У Тапе быў час глянуць нешматлікія славутасці. Туман дадаў сваёй атмасферы.

У электрычцы размясцілі ровары, занялі вольныя месцы. Дарваліся да сеціва, каб напісаць бацькам і палістаць, што прапусцілі за гэты час. Карацей, даехалі хутка =)

Паснедалі ў прывакзальным фастфудзе і накіраваліся да Музею народнай архітэктуры на ўскрайку горада, мінаючы цэнтр. Шлях праклалі па веламаршруце, азначаным на мапе. Мне спадабаўся гэты шлях. Калі ў Вільнюсе ад'язджаеш ад старога горада, то трапляеш або ў старыя шэрыя савецкія раёны, або ў сучасныя "шкельцы". Тут увесь горад прыемны: і старая драўляная пабудова, і акуратныя сучасныя будынкі. Інфраструктура яшчэ не ўся добрая: часам трапляюцца вузкія тратуары побач з дарогай. Але для жыцця горад больш прыемны, чым той жа Вільнюс (прынамсі, так падаецца звонку).

Веласцежка вядзе праз забалочаныя ўчасткі каля мора. Нягледзечы на надвор'е, шмат людзей проста шпацыравала сярод гэтай прыгажосці.

Музей знайсці было нескладана. Мы былі аднымі з першых наведвальнікаў, перад намі зайшла толькі група кітайцаў. Нам дапамаглі правесці ровары, мы паразглядалі мапу і паехалі не так, як група турыстаў. Аказалася, што гэта было не зусім правільна, бо ў першым двары экспаніруецца менавіта тэарэтычныя веды пра матэрыялы, будаўніцтва і асобныя элементы хат і падсобных памяшканняў.

Музей падзелены на сектары па раёнах. У кожным раёне размешчаны сядзібы і будынкі, якія прывезены з адпаведнага ўчастку Эстоніі. З асобных будынкаў скаладаецца ўвесь двор: хата, клець, хлеў, баня.

У хатах інтэр'ер адлюстроўвае жыццё сапраўднай сям'і, што жыла ў гэтай хаце. У некаторых можна сустрэць жанчын-аніматарак, апранутых у звычайнае аддзенне той мясцовасці і часу. Кожная з іх можа нешта расказаць ці нечаму навучыць, калі спытаеш.

Цікава было паслухаць гісторыю вясковай школы і царквы, якую пачалі будаваць яшчэ вікінгі ў 17-м стагоддзі. У ёй і зараз хрысцяць дзяцей і бяруць шлюб.

Ёсць тут і вясковая крама, у якой нават можна набыць незвычайныя смачнасці.

Мы ўзялі ліманад, падобны на яблычны сідр, і хлебны зефір са смакам чарнасліву і квасу.

З нязвыклых пабудоў быў вясковы пажарны хлеў з тагачаснай тэхнікай.

І канешне, млыны: і ветраныя, і водныя.

Сустракалася і жыўнасць: каты, козы. Улетку выпускаюць больш жывёлаў: абяцаюць яшчэ курэй, авечак, коней.

У апошнюю гадзіну агляду пачаўся дождж. Там мы сталі закругляцца і паехалі ў карчму.

Добра пад'еўшы, даглядзелі апошні (які павінен быць першым) двор і накіраваліся на аўтавакзал. Пачыналася 4-я гадзіна дня, а ў 18:00 у нас аўтобус. Трэба было паспець запакавацца, прывесці сябе ў нармальны выгляд і набыць што-небудзь перакусіць у шляху.

І тут пайшла залева. Спачатку дождж быў невялікі. Але чым больш мы паглыбляліся ў горад, тым мацней станавіўся дождж. І апошнія кіламетры ўжо стало ўсё роўна, толькі б ветру не было. 

На радасць, будынак аўтавакзала добра абараняў ад ветру і на платформе было камфортна нават у прамоклым аддзенні. Мы няспешна падрыхтаваліся да пасадкі і сталі чакаць аўтобус. 

Пры пагрузцы, здаецца, кіроўца нас пазнаў. Папярэдзіў, што ўлетку месца для ровараў можа і не застацца, бо багажа значна больш. Але зараз усё прайшло без прыгод. Толькі на мяжы нас вымусілі разам з сумкамі праносіць праз таможню і ровары, хаця таможнік проста папрасіў прыадчыніць чахлы, каб упэўніцца, што ровары не новыя.

Далей быў толькі шлях у Мінск з прыгожым усходам, які я праспала. Горад сустрэў нас сонейкам і ясным небам. Наша падарожжа скончана.

Пройдзеная адлегласць: 28,5 км

 

Напрыканцы шляху рада была заўважыць, што ў мяне не з'явілася стомы альбо прысычанасці вандроўкай. Хацелася толькі памыцца і пераапрануцца ў чыстае. 

Для сябе зрабіла вывад, што ў плане адзення трэба браць тое, што лічыш патрэбным ва ўмовах паходу. Даверылася досведу Максіма і не ўзяла цяплейшыя штаны, але не ўлічыла што мы па-рознаму ўспрымаем тэмпературу. Таму мерзла вечарамі і ранкамі (прынамсі, у першыя халаднейшыя дні).

Але гэта дробязь, якая не перашкаджала атрымліваць асалоду ад падарожжа цалкам і ад кампаніі ў прыватнасці. Наш маршрут быў не надта складаны, на мой сціплы погляд. Думаю, мы выбралі самы лепшы час, каб туды трапіць: надвор'е не вельмі халоднае, але надакучлівых насякомых яшчэ няма. Ды і ўвогуле з надвор'ем пашанцавала: усе дні, акрамя апошняга дня паходу і некалькіх гадзін у Таліне, было суха. Толькі моцны вецер часам ускладняў шлях.

Месцы насамрэч дзікія. Крыху падобныя на Беларусь, але ж іншыя, больш насычаныя прыроднай прыгажосцю і балотамі. Эстонцы шануюць і захоўваюць гэтую прыгажосць, пры тым паспяхова раскручваюць за кошт гэтага турызм у краіне. Беларусі ёсць чаму ў іх павучыцца. Падарожнічаць па гэтай краіне прыемна. Ёсць адчуванне, што пра цябе падумалі. Але гэта зроблена неназойліва, ты сам вырашаеш, куды табе ехаць і што глядзець. 

Хачу падзякаваць у першую чаргу Максіму: за арганізацыю, за дапамогу ў падрыхтоўцы мяне і ровара і ўвогулле за ўсё падарожжа цалкам. Таксама ўдзячна ўсім, з кім ездзіла дагэтуль, за тое, што рабілі мяне мацнейшай =)

 

Мае фотаздымкі: https://photos.app.goo.gl/33mXcocoQverKnMv9

Фота ад Максіма: https://photos.app.goo.gl/H4Mvn2tLexQrEymc8

Відэа ад Максіма: https://youtu.be/URt6jCuKPy8

Оставлено комментариев: 8

Войдите на сайт, чтобы посмотреть
Задать вопрос

Ваше имя или ник:

Ваш e-mail:

Сообщение:

Отправить
Войти на сайт

Заходите на сайт с помощью аккаунта из социальной сети: